Вечарніца

Сярэдняя: 5 (1 голас)
                                І хоць дасць мне доля ў дамавіне месца, —
                                Устане цень з зямлі мой, на крыж
                                                                                  абапрэцца
                                 I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
                                 Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

                                                                            Янка КУПАЛА

Над дахамі гмахаў адна Вечарніца
Блішчэла ў смузе вечаровай, калі
Самому сабе я падаўся чужынцам,
Самотным чужынцам на роднай зямлі.

I скрушна шапталі мне дрэвы: «Юнача,
Ты дробная трэска ад той грамады,
Што пнулася нечага тут перайначыць,
I марна сышла, і растала, як дым...»

Я слухаў, зайздросячы гмахам халодным,
Жадаючы толькі адно — скамянець,
I раптам убачыў я цень, што нязводна,
Ахутаны смуткам, глядзіць на мяне.

I ў цьмяным абліччы пазнаў я: Купала!
У поглядзе ясным, празрыстым да дна...
Наўкол Вечарніцы з сінечы адталай
Выходзілі зоркі — плылі давідна.

Алег Мінкін

З Янкам Купалам

Сярэдняя: 3.7 (7 галасоў)

І хвалы ў жыцці нам перапала,
I схілялі часам галаву...
На вясёлай вуліцы Купалы
У высокім доме я жыву.

Клён сваёй вяршалінай зялёнай
Да акна майго не дастае.
Кнігі зіхацяць з паліц зашклёных,
Мэбля хваліць якасці свае.

Век жыві спакойна ды разумна.
Не, не так. На сэрцы — неспакой:
Пішам пра сучаснікаў мы сумна —
Траскатня ці жвачка са слязой.

Гэта лёгка вершыкі з рыданнем
Напісаць пра смерць і лес глухі
Ці забрацца ў казкі і паданні —
Тут беспамылковыя шляхі.

Наш герой цяпер не ў цёмным лесе,
Трэба новы вобраз і настрой.
Б'ешся, б'ешся, а ў радок не лезе
Нават самы просценькі герой.

Ён-то просты, ды складаней тэма —
У якую мы забеглі даль!
Беларускі хлопец ля мартэна
Чарадзеем ходзіць, варыць сталь.

А далей глядзі — дзяўчаткі тыя
Дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі,
А ужо іх рукі залатыя
Больш паловы Мінска узвялі.

Пэўна, рана мы сябе запёрлі
Паміж кніг; і з вёсак, дзе раслі,
Рана збеглі; рана атраслі
З ботаў пыл... I вязне песня ў горле.

Я жыву на вуліцы Купалы,
I яго таполя мне відна.
Ён пісаў з нягаснучым запалам
Да апошняй іскаркі, да дна.

Вечна ў руху.
Жартаваў заўсёды:
«Пад ляжачы камень не бяжыць...»
Ён з народа выйшаў, жыў з народам
I ў народзе вечна будзе жыць.

А у нас пра наступ ды пра росквіт
Вершы льюцца шэраю ракой...
Адшукаю сцежку да бярозкі,
Выцякае Прыпяць з-пад якой.

Зноў пачну адгэтуль...
Крокам сталым
Хай ідуць цяпер за днямі дні.
I са мною будзе сам Купала —
Мудры і суровы праваднік.

Пімен Панчанка

Купала

Яшчэ не ацэнена
У Анны Андрэеўны Ахматавай
Ёсць невялікі вершык —
                                           ён пра тое,
Як Муза ёй з'явілася аднойчы
У пастушковых строях
                                       і з жалейкай.
— Скажы, ці ты калісьці дыктавала
Старонкі «Пекла» Дантэ? Адкажы! —
Так запытала Музу паэтэса.
I сціпла адказала Муза: «Я».

А сына Дамініка Янука,
Якога сёння мы завём Купалам,
Натоўп аднойчы пераняў дарогай —
Галодны,
                босы,
                          у падраных світках.
Сын Дамінікаў запытацца мусіў,
Хто вы, маўляў,
                            адкуль і хочаце чаго вы?
I быў адказ, як выдых:
                                       — Беларусы!..
Ён блаславіў іх, а натоўп яму
Аддаў у рукі верную жалейку

Міхась Стральцоў

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі