МІНСК — АКОПЫ Пусціўшы дома пагалоску, Што я нядуж, лячыцца час, – Пакінуў горад, еду ў вёску Набраць здароўя на запас. Трухкоча брычка па дарозе, – Сам Разымблюм за фурмана, – Мяне ж падкідвае на возе Ад ям, калдобін і канаў. Дарогі нашы, ой, дарогі! Былі няважны для язды, — Цяпер сам чорт паломіць ногі, На хвост нагоніць верады. Ах вы, шляхі!.. З гары на горку Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол; Збярэшся з думкай на гаворку, А тут пад зад цябе вандол*... Конь пазірае ўбок з укоса На плех мурожны пад кустом Ды круціць-верціць пад сам носам, Як той кадзільніцай, хвастом. Абапал высяцца прысады, А дрэвы пэўне па сто год — Было іх больш, дый далі рады: Працерабіў іх свой народ. Гляджу на звалены бярозы, — Маркотна думкі пацяклі: Змаглі вы буры і марозы, Людской сякеры не змаглі. А людзі? Ведама, як людзі, Як кожны наскі чалавек: Садзіць сягоння тое будзе, Што ўчора так нядбала ссек. Бяжыць пад коламі гасцінец, Бягуць прысадзіны назад. Вакол бясконца свет-дзядзінец, Палеткі, вёскі, лес, як сад. Знаёмы гэты мне шлях родны, — Даўгінаўскі вядомы шлях! Які нёс годных і нягодных На векавых сваіх плячах. З Даўгінава ў Мінск балаголы Па ім, бывала, дзень у дзень... Ад дзёгцю пах, скрыпня ад колаў, Шум ад людзей... I ўсё, як цень! Як сон нязбытай абяцанкі... Заціхнуў шлях, як птах зімой, Цяпер даўгінаўскай фурманкі Ты не спаткаеш, браце мой! Ты не спаткаеш стуль суседа, А мо й матулі з вас які... Былі сваімі ў шчасці, ў бедах, — Цяпер чужыя чужакі. Ды ані вестачкі адтуля, I нібы сам адтуль далей, Адно пачуеш, як зязюля Кукуе там, як і даўней. А воўк завые — адгалоскі Лятуць сюды, калі дзень ціх, Як бы і воўк адгэтуль вёскі Забыць не можа там — у іх. Для птушкі вольнай і для звера, Як і для думкі — ўвесь ім свет! Для іх не ўпішаш на паперы Ні меж гранічных, ні пікет. А ну, мой косю! Што там? Пустка... Вярні з гасцінца ўбок гужом! Бо далей — «пропуск», і... «пшэпустка»** Стань, Разымблюм! Акопы ўжо! * В а н д о л — роў, вузкая глыбокая даліна, тут — у сэнсе калдобіны. ** «Пшэпустка» (польск.) — пропуск.
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад