Халоднай пабелай магільна залёг
На зжатае поле, на скошаны лог.
Лёг пухам на лесе, на жоўтых лісцях,
Абсеяў, абсыпаў прысады і шлях.
Так высыпаў ззябна, бязрадасна снег
У першы папас свой, у першы начлег.
Ад стада адбіўшыся, птушка адна
Квіліць і квіліць сярод бела радна.
На небе на снежным ні сонца, ні зор,
На гонях на снежных ні груд, ні разор.
Абснежаны свет без канца, без граніц,
Душа ажно тлее, як свечка з грамніц.
На хаце, за хатай махнаціцца бель,
На белі за тынам, як нітка з кудзель,
Чырвоная стужка скрозь бель зіхаціць,
I ў сажалцы губіць свой след гэта ніць.
Ад рання скараннем бурліць варажба:
Што значыць такі след, такая хадзьба?
Хто смеў першы снег асвянціці крывёй?
Крывавай ён веры — чужы ён ці свой!
Дагадка шыбае ў лядзянай імгле,
Паўзе і прысуд-перасуд па сяле.
Па полі па бледным снуе бледны цень,
А птушка квіліць і квіліць цэлы дзень...
У гэты снег першы брат брата засек
I ў сажалку трупа валок цераз снег.
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад