З торбай кажны, з думкай важкай: «Дадуць — не дадуць», Даўным следам дзед за дзедам На кірмаш ідуць. Як дарога к хаце бога, Або й так аб што, Не пытаюць, добра знаюць, Звон пачулі — й до! Быццам горбы, іхні торбы Выдаюць парад; На кірмашы старцы нашы Садзяцца у рад. Кожны прэцца ў лепша месца... Чуй! аж во калі, Ўтройцы, ўпарцы хрыпла старцы Песню завялі. Той там з лірай у тры шчыра Струны задае, Той з кантычкі, той з прывычкі Модлы дзьме свае: За змарлыя, за жывыя Душкі, за жыццё, За скацінку, за збажынку I за ўсё, за ўсё... Гэй, малітвам, быццам бітвам, Стар'ё аддалось, А з-пад воку глядзяць к боку, Ці дадуць хто штось. Во паследні у абедні Кончыўся «падай»; Сыплюць людзі, што-та будзе, — Старча, намагай! Неспакойна з сілай двойнай Песень гул памкнуў, I ўвесь гэты рой распеты Рукі працягнуў. Дыдак густа й хлеба лусты Сыпяцца, прычом Разам з хлебам — за што трэба Маліцца дзядом. Час праходзе... Годзе, годзе Глядзець на полк наш! Пайшлі людзі, што-та будзе, — Кончыўся кірмаш. З торбай кажны, з думкай важнай: «Ці дзе больш дадуць», Даўным следам дзед за дзедам З кірмашу ідуць.
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад