Беларускім партызанам

Яшчэ не ацэнена
Партызаны, партызаны, 
    Беларускія сыны! 
За няволю, за кайданы 
Рэжце гітлерцаў паганых, 
    Каб не ўскрэслі век яны. 

На руінах, папялішчах, 
    На крывавых іх слядах 
Хай груган іх косці ліча, 
На бяседу соваў кліча 
    Баль спраўляць на іх касцях. 

Няхай Гітлеру-вампіру 
    Клююць сэрца, смокчуць кроў; 
Сыты быў людскім ён жырам, 
П’яны быў крывавым вірам, – 
    Хай жа гіне звер звяроў! 

Выразаў ён старцам вочы, 
    Рэзаў матак і дзяцей, 
Дзікай зданню, патарочай 
Засланяў дні чорнай ночай, – 
    Хай жа гіне ліхадзей! 

Партызаны, партызаны, 
    Беларускія сыны! 
За няволю, за кайданы 
Рэжце гітлерцаў паганых, 
    Каб не ўскрэслі век яны. 

Клічу вас я на пабеду, 
    Хай вам шчасцем свецяць дні, 
Выразайце людаедаў, 
Каб не стала іх і следу 
    На святой нашай зямлі. 

Цень забітых матак, дзетак, 
    Дзедаў вашых і бацькоў, 
Акрываўлены палетак 
Клічуць мсціць крывава гэтак, 
    Як не мсцілі ад вякоў. 

Не давайце гадам сілы 
    На сабою распасцерць, 
Рыйце загадзя магілы, 
Вырывайце з жывых жылы, 
    Кроў за кроў, а смерць за смерць! 

Партызаны, партызаны, 
    Беларускія сыны! 
За няволю, за кайданы 
Рэжце гітлерцаў паганых, 
    Каб не ўскрэслі век яны. 

Няхай ваша перамога 
    Не кідае вас нідзе, 
Не пужае хай трывога, – 
Ваша чыстая дарога 
    Да свабоды давядзе... 

Так ад нечысцяў ачысцім 
    Нашы нівы і лясы, 
Фашыстоўскіх псоў панішчым, 
І схіснуцца, як калісьці, 
    Для нас нашы каласы. 

Партызаны, партызаны, 
    Беларускія сыны! 
За няволю, за кайданы 
Рэжце гітлерцаў паганых, 
    Каб не ўскрэслі век яны. 

Зноў будзем шчасце мець і волю

Яшчэ не ацэнена

Лютуе Гітлер ашалелы,
Яму ў Германіі зацесна,
Яму пад ногі дай свет цэлы,
Хай гіне ў муках свет балесных.

Ускормлен мясам чалавечым,
Крывёй народнаю скупаны,
Народам волю абязвечыў,
Лютуе кат пад звон кайданаў.

На Беларусь, маю радзіму,
Як шакал, рынуўся галодны,
На Беларусь, што леты, зімы
Жыла шчасліваю, свабоднай.

І рэжа, вешае нявінных
Бацькоў, дзяцей і старцаў кволых.
Крывавым полымем, скаціна,
Папеліць гарады і сёлы.

Мой край расквечаных прастораў
Сваім салдацкім топча ботам…
Ой, і адпомсціць за ўсё гора
Народ, за кроў, за сон пад плотам!

Ужо нядоўга панаванне
Яго разбойніцкае дзічы, –
Усенароднае паўстанне
Яму апошнія дні ліча.

Паўстаў народны гнеў і помста,
Паўсталі грозна партызаны,
Б’юць фашыстоўскі зброд прахвостаў,
Б’юць, дабіваюць гнід паганых.

Чырвонай Арміі ў падмогу
Ідзе народ з байцамі разам
Да шчасця церабіць дарогу,
Знішчаць нямецкую заразу.

Так дзень збліжаецца расплаты
За ўсё, што выцерпелі гэтак,
За нашы спаленыя хаты,
За нашых выразаных дзетак.

Ачысцім нашы лес і поле
Ад Гітлера, ад яго бандаў,
Зноў будзем шчасце мець і волю
Ў сваіх адноўленых прысадах.

Загоім раны, адбудуем
Свае сялібы зруйнаваны,
Сваю краіну маладую
Святлом асвецім нечуваным.

Зірнуць зноў нашы ўвысь палацы,
Святочна прыбяруцца людзі,
Як красаваўся, красавацца
Чырвоны сцяг над намі будзе.

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі