Песня
Гнаны Янка доляй,
Змушаны патрэбай
Цягне ў места дровы,
Каб купіці хлеба.
А дзе кісне пуня
Панская старая,
Прэцца Янукова
Жонка маладая.
П'е мужык на рынку
Барышы за дровы,
А паніч гуляе
З жонкай мужыковай.
Накупіў за дровы
Янка хлеба, солі
I вясло баранкаў
Для сваёй Антолі.
I гасцінцам дома
Жонку ён частуе,
Паніча з палаца
У руку цалуе.
З думак жабрака
Я чалавечак жабрачай натуры —
Жыць не судзілі іначай багі.
З выгляду важан я: косці ды скура,
Не далічуся рукі і нагі.
Важка іду ад парога к парогу,
Спора акрайцаў у зрэбным мяху;
На чалавечую добру ўспамогу
Мушу я меці надзеі крыху.
У дабрадзеяў або ў дабрадзеек
Грошы не смею шмат вельмі прасіць.
Дайце мне толечы колькі капеек,
Каб мог сабе я вяроўку купіць.
Рэшту прыладаў сабе сам дастану —
Ў лесе асіну ці дзе які слуп...
Ці ж не пацеха пані і пану
Бачыць, як нейкі ўскалышацца труп?!
Глянеш, і воку аж робіцца міла!
Жыў вось людзіна і шчасця дарос,
Братняе сэрцайка штось ды зрабіла,
Хоць і не так мо, як баіў Хрыстос.
Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея...
Ул. Станкевічанцы
Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея,
Вольная птушка сумнай зямліцы!
Сееш ты слёзы, думак уроду,
Слёзы-брыльянты яснай крыніцы.
Буйнай расіцай сыплюцца, льюцца,
Ніву багацяць... а што за жніва?!
Крыўда іх топча, гора марозіць,
Ведзьма-насмешка п'е іх лапчыва.
Суд негадзівы жаласць-гадзюка
Судзіць над шчырай слёзаў малітвай, —
Розум бязбожны над сэрцам слёзаў
Поўніць чын ката точанай брытвай.
Зорка, што бітвы й згоды варожыць
З неба нямога гэтаму свету,
Толькі яна йшчэ іх не пакрыўдзіць,
Слёзы атуліць у промень прывету.
Ды што планеты гэтай аковы
Скінуў і воляй вечнай маяча,
Дух такі вольны вольнага духа
Пойме і так жа ўкрадкам заплача.
Перад ночкай
Змеркла. Цёмнасць агні пале
Ў зорак грамадзе:
Тайнасць жудкая — гэт, здаля
Ў свет ідзе, ідзе.
Дагарэла ўжо лучынка,
Спачываці час!
«Добрай ночы» спей, дзяўчьшка,
Спей хоць раз, хоць раз!
Запей нотай, сэрцу блізкай,
Аб долі маей,
Быццам маці над калыскай,
Ты запей, запей!
Пей пацехай, пей разгульна,
Душы не скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
Ты прыспі, прыспі!
Спеўшы песню, ўціхамоўку,
Без трывог ані —
На плячо мне звесь галоўку
I засні, засні!
Цемнатой нас ночка скрые
Ад злосці людской;
Будзем сніці залатыя
Сны з табой, з табой!..
У ночным царстве
Скрыпяць трухляцінай асіны,
Над курганамі звяр'ё вые...
Гасцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
Ідуць, ідуць... Сярод пустыні
Хрусцяць надломаныя косці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восці.
Перад вачамі глуш нямая,
I плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцце ў жылах кроў сцінае,
Душу бяссілле вынімае,
Гняце змяінымі кляшчамі.
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі, як прынада,
Бялее млечная дарога.
То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасць трупавея, —
I царства ночнае шалее,
Над курганамі звяр'ё вые.
Чым хата багата
Усяго пакрысе
Знойдзеце вы гэта, —
Пры сасе, пры касе
Сабрана за лета.
Шчырым сэрцам, душой
Складана няхітра,
Знама — свой, не з якой
Там «звёздкай» ці мітрай.
Што-нібудзь мо не так —
Прашу прабачэння;
Трудна ў рыхт — часу брак,
Мазаліста жменя.
Мо і радасць тут — госць,
Больш нуды праклятай;
Вось бярыце, што ёсць,
Чым хата багата.
Што у думках я меў,
Кепска даць не браўся,
Хоць, як скованы леў,
Туды-сюды рваўся...
Людзі мруць, а ўсё ждуць
Багатшай уроды,
Мо і к нам прыбягуць
Шчаснейшыя годы.
О, тады сноп у сноп
Жніва наша будзе...
Сотня коп, мільён коп...
Дзівуйцеся, людзі!
А цяпер, што цяпер? —
Бывайце здаровы!
Чэсці дайце прымер
Для радзімых словаў.
Русалка
Дайце галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!
Вы яе гналі, вы яе мучылі,
Дайце ж хоць сцежку беднай к галіне.
Дайце, як следна, з ветрам нацешыцца
Вольна, прывольна ў тайнай мясціне;
Стуль, каб ёй болей не надакучылі,
Скочыць з галіны, скрыецца ў ціне.
Ў ціне, як бледны месяц засвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе з ёй над крыніцай.
I лесавік к ім выпаўзе братацца
З пушчы махнатай, сам весь кудлаты.
Шлюб неразлучны дасць ім, малодзенькім,
Зграе вяселле вецер крылаты.
Пойдзе гульня у іх мёдам салодзенькім,
Развесяляцца, чары завесяць;
Вецер, лясун, русалка з вадзянікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц
Казку аставяць дзіўную згнаннікам.
Страх баязлівым кожны з іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песню аб гэтай зложыць мясціне.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Дайце ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!..
«Нашай ніве»
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на свеце
Вечна не начуе,
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе.
Наша зерне — нашы думкі —
Не загінуць свету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва —
Доля, панаванне.
Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Зацвіце яна, як сонца
Пасля непагоды,
У роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе!
Як спытаюцца нас
Прыйдуць людзі з Усходу,
Прыйдуць з Захаду людзі
I спытаюцца нас:
«Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
Дзе айчызна у вас?»
Мы ля плоту, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
Які даць тут адказ,
I адкажам: «Э, што там...
Мусіць, бабскім звычаем
Збегла ўпрочкі на час».
Дзве таполі
Там, за вёскай, у полі дзве стаялі таполі,
Як адна, дзве таполі стаялі,
I стагналі у полі сухавейна таполі,
Як адна, дзве таполі стагналі.
Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі,
Як адна, дзве таполі шумелі,
I аб Захадзе ў полі лісцьмі пелі таполі,
Як адна, дзве таполі ўсё пелі,
Што пануюць у полі над дубамі таполі,
Як адна, дзве таполі пануюць,
Што начуюць у полі самаўладна таполі,
Як адна, дзве таполі начуюць...
Неба помсту у полі тут пачулі таполі,
Як адна, дзве таполі пачулі,
I навекі у полі дзве заснулі таполі,
Як адна, дзве таполі заснулі.
Я казак — не казак...
Я казак — не казак,
Што нагайкай свісціць,
А казак, што калісь
Знаў, як волю любіць!
Што гуляў за Дняпром
Ад зары да зары,
У вольнай Сечы грымеў,
Як парогі ў Дняпры.
Што на бел-свет спяваў
Песні з поўных грудзей
I гасцінна прымаў
З свету вольных людзей.
Што умеў пастаяць —
Паляцець у паход —
I за волю сваю,
I за ўвесь бедны род.
Што кароны пікой
I пасады ўстрасаў,
А законы крывёй
Самаўладцам пісаў!