Вёска

Яшчэ не ацэнена

Горы ды каменне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша поле,
Поле нашай вёскі.

Курныя аконцы –
Каб святла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.

Лапці ды сярмягі –
Як абраз не боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.

Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі:
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.

Да дзяўчынкі

Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

Не цурайся, дзяўчынка-галубка, мяне!
Пажалей, прыгалуб бедака-сірату:
Збудзі сэрца, збудзі, — хай навек не засне,
Дабудзь песню з душы, разгані цемнату.

Не было мне пацех ад людзей, ад жыцця,
Не заглянула сонца у хату маю, —
Віхры гналі-гулі без канца, без пуцця,
Ажно долю паганую кляў я сваю...

Ой, так шоў — так сыходзіць мне год за гадком, —
А ёсць шчасце, ах, ёсць на бяспутнай зямлі!
Гэта шчасце ў каханні, ў змаганні са злом —
Дык хадзі ж, не ўцякай — душу, сэрца вазьмі!

Ты і я удваіх станем смелай ступой
Змагаць гора-бяду, паніжэнне і блуд,
Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой
За нявольны свой край, за свой змучаны люд!

Даўгажаданая

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Ты прыйшла ка мне тады,
Як звінелі халады,
Як стагнаў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.

I сагрэла ты мяне
Ў палуцьме, у палусне;
Паня ты была, я – пан...
После зноў зацвіў курган.

Ад мяне пайшла тады,
Падганялі халады,
Скрыпам выў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі