А зязюлька кукавала...

Яшчэ не ацэнена
Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
       Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
       Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!

Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
       Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
       Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!

Як вялікім вырас Янка,
Як стаў сеяць шчыра, дбала, —
За сяўбою пеў аб долі,
А зязюлька кукавала:
       Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
       Сей палетак! Ку-ку, ву-ку!

Як ні сеяў пільна Янка,—
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў — людзі жалі,
А зязюлька кукавала:
       Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
       Жаці будзеш! Ку-ку, ку-ку!

Як старым-старым стаў Янка,
Як пазбыўся сілы ўдалай,—
Баіў байкі-казкі ўнукам,
А зязюлька кукавала:
       Ку-ку, ку-ку! Кінь дакуку!
       Годзе баіць! Ку-ку, ку-ку!

Як хавалі людзі Янку, —
Галасілі многа-мала:
— А нашто ж памёр ты, сейбіт!..
А зязюлька кукавала:
       Ку-ку, ку-ку! Кінь дакуку!
       Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!

Аратаму

Яшчэ не ацэнена
Ну, годзе ўжо спаці! глянь: светла ўжо ў хаце,
       Вясна заглядае ў акно;
Ужо птушка свяргоча, ўжо лісцік шапоча,
       Цябе шнур чакае даўно.

Хай сошка крывая, кабылка худая
       I ты сам, крывы і худы,
Пацягнуцца ў поле, на тое прыволле,
       На тыя прадзедаў сляды.

Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
       Ты ў крыўду не даўся б другім.
Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,
       Дый сам ты галодзен зусім...

Дык выпрамся ж трошку, дый жыва за сошку,
       Ды ў поле — к вялікай арбе!
Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі
       Ты выараш, братка, сабе...

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі
       Любі сваю ніву, свой край
I, колькі ёсць сілы, да самай магілы
       Ары, барануй, засявай!..

Араты

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Цягнецца араты
За сахой крывой,
Конік слепаваты
Трасе галавой.

Бразджыць, скача сошка
То на пень, то з пня...
Цяжанькая ношка,
Араты, твая!

Стаў з трудоў гарбаты,
Хоць яшчэ не стар,
Падбел пабіў пяты,
Загарэў ўвесь твар.

I ногі, і рукі
Крывыя дрыжаць;
З якой, ах, прынукі
Мусіш гараваць?

Што цябе ганяе
Так трудзіцца век:
Ці доля такая,
Ці звер-чалавек?

Ну, ідзі, араты,
Гэй, далей ідзі!
Шнурок вузкаваты
Ары, не глядзі.

У сыру зямлю прутка
Сошку закладай,
Каня пугай хутка
Гані, паганяй.

Скібіну ў скібіну,
Загон у загон,
Валі дзесяціну,
Не лічы варон!

За кожным зваротам
Баразну раллі
Палівай ты потам,
Слязіной палі.

Змогся. Час прысесці,
Аддыхнуць, дружок...
Нясе жонка есці
Цэлы спарышок.

Ну, што, баба, гэта
Хлеба не нясеш?..
Ці ж на то ўсё лета,
Араты, арэш?

Ці ж на то ўсё лета
Ліці табе пот,
Каб есці без хлеба
Лебяду, асот?

Ці ж на тое ў полі,
Хоць душой замры,
Б'ешся без патолі
З зары да зары?

Доля твая, доля!
Дзе ж яна расла?
На чыстае поле
Хіба уцякла!

Ой ты, мой араты,
Хмары ты хмурней:
З цябе свет багаты,
Ты ж усіх бядней...

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі