У век наш крытыкі сур'ёзнай I самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Пылінку бачым у суседа, Ды што? — ў яго іх не адна! А ў сваім воку, даўнім следам, Не заўважаем бервяна. Без лішніх захадаў, ухмылак У канкурэнта на вынос Мы столькі вылічым памылак, — Таму хоць рэжся, як з пагроз. Самабічуемся ж часамі, Але злягка — гады ў рады, Ды ўсё больш хвалім сябе самі, Другіх бічуем заўсяды. Куды ім лезці да Парнаса? — Дзе тыцнеш — хіба ці захіл... Ах, падпякаем смачна, ласа Таго, хто ням чамусь не міл! Вось я — пясняр, я — літаратар, Я толькі песняй твару цуд, А ён... агіткі агітатар, Насценгазетчык, і ўсё тут... Пазбыцца рапаўскіх заскокаў Мы не наўчыліся як след I часта судзім аднабока Другіх, саміх, падзеі, свет. * А крытыкі?.. Майстры з разборам, — Не ўзнімуць воч вышэй халяў; З гразёй змяшае, што йшчэ ўчора Так падхалімна выхваляў. Не азірнуўся — ўлез у нерат, Тандэтны разваліўся мост, Глядзіць, мычыць, — ні ўзад ні ўперад, — Управа, ўлева круціць хвост. Глядзіць. I што? За розум розум Заскочыў туга, неўпапад. Чаго ж не ўцяміць і цвярозым Напіша — й сам смяецца, рад. О, крытык, грызапёр мой бедны! Чытач, яго ты пажалей: Не месціць, брат, яго лоб медны Ні прынцыпаў тых, ні ідэй. Як баба на куццю, варожыць Аб кім, аб чым, што, як сказаць, Каб сам сябе не растрывожыць I ўгнаць другога ў рай ці ў гаць. * Мы дукі, гранды, інжынеры Складаных чалавечых душ. Якой жа мерым душы мерай, Чаму ў пісанні ціш ды глуш? Зірнеш. Брыдзе сабе фігура: Мо ён чарняў, мо белабрыс... Згадай, што гэта за натура? — У снах аб почасцях закіс. Нічога ж слаўнага не даўшы Сваёй краіне, грамадзе — У гонар лезе, грозна страша Курэй на цётчынай градзе. * Мы інжынеры... А не ўмеем Рамантаваць сваіх жа душ, — Дзе цвік загонім, дзе падклеім, I во іграй, музыка, туш! Іграй мне славу! Пішу вершы, Раманы, драмы і сцэнар. А ці падумаў лепшы-першы, Як прыме гэта гаспадар? Той гаспадар, што сее зёрны, Што косіць, жне, дае нам хлеб, Што сталь гартуе ў кузні горнах, Што раскаваў цямніцы склеп. О так, мае вы — для паказу — Празаікі і песняры! Народ пакліча да адказу,— Ваду жбан носіць да пары. На службу вам зямля і неба Даны, — адно пішы з душы. Якога ж чорта йшчэ вам трэба? Якой чакаеце імшы?! Не спяць шляхі, жыццё не дрэме, Шасціць над рэчкай ясакор. Нам сонца кажа, хто мы, дзе мы, Іскрыцца ў зорах кругазор. Дні йдуць вялікай гадавіны. А мы йшчэ з места ані руш, Мы — інжынеры у галінах Складаных чалавечых душ. Ідуць па свеце гулы, шумы, — Заснуць няма каму калі, — Ідуць і твораць песні-думы, Красу і радасць на зямлі. Цвітуць пад нашым небам вёсны, Спявае збуджаны разлог. Жыццё шаўковыя тчэ кросны Шчаслівай долі й перамог.
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад