Буслы

Яшчэ не ацэнена
Падчысціла ўзвіжанне ўсю зямлю шчыра,
       Ліст зводзе хмызняк заскаруслы...
Злятаюцца буслы к адлёту у вырай,
       На сходку сыходзяцца буслы.

Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган,
       За прасла пашчэпліваў прасла, —
За выганам буслы рашаюць суд мігам,
       Пакуль дню лучына не згасла.

Хто Млечны Шлях ноччу дагледзіць не зблудзе,
       Хто мора адмерыць крыламі, —
Той вылеціць толькі ў далёкія людзі,
       Той вылеце ў вырай з бусламі.

Клякочуць, хлапочуць. I крыллі, і скабы
       Сусед аглядае суседа,
Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы,
       Хто болей, хто меней свет зведаў.

Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду,
       К канцу прыбліжаецца сходка,
Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і  складу,
       Сціхае гамонка-клякотка.

Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крыллі...
       Бач, бусел адзін стаіць хмуры, —
Яго аднаго усе неяк забылі,
       Адзін ён не змесціўся ў шнуры.

Стаіць і чакае сабе прыгавору, —
       Знаў — буслава сходка не смешкі...
Ой, болей яму не пабачыці мора,
       Не бачыці выраю сцежкі!

I зноў ўсклекаталі крылатыя сябры:
       — Ён слабы, не наскага міру!
Хай  гіне,   хто  слабы,  згнілі  ў  каго   жабры!
       Смерць буслу, няздатнаму ў вырай!

Смерць! смерць!.. Задымела пуховае пер'е,
       З-пад сэрца кроў хлынула стужкай...
I, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязмер'е,
       Узняліся за дружкаю дружка.

Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым,
       Плыў з клёкатам далей і далей,
Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых,
       Спавіўся ў туманныя хвалі.

А там, а за выганам сцелецца поле,
       На полі рассыпаны косці,
Над косцямі вецер гуляе, скаголе,
       Груган залятае у госці.

А там, ля касцей залаціцца пярсцёнак
       А надпіс чужой на ім мовай:
«Як вернецца бусел з нязнаных старонак
       Ка мне мілы вернецца ўзнова...»

Для Бацькаўшчыны

Яшчэ не ацэнена

Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў:
Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў,
Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?

І пачынаю йграць з трывогай нейкай,
Хоць песня як і з даўных б'е часоў, -
Звініць, як вецер паміж верасоў,
І ўперагонкі рвецца з салавейкай.

А ўсё ж як тамка сваякі-суседзі
Яе паймуць, хацелася бы знаць, -
Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?

Адно, снуючы з сумам па праследдзі,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!

Млечны Шлях

Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)

Лёг па небе Шлях Млечны, шлях злепленых зорак,
Паясом-серабром без канца і пачатку
I цікуе, як месяц, з угорку на ўзгорак
Пад ім лазіць, мяняючы штоноч апратку.

I галубіць шлях бледны зямлю яснавіцай,
Сочыць вочак мільёнамі долю людскую,
То святлей, то мглісцей зацвітае, мігціцца,
Сее скрозь ні то сон, ні то яву такую.

Людзі кажуць, што птушкам, зблудзіўшым уночы,
Млечны Шлях служыць сцежкай-пуцінай у вырай.
Яшчэ кажуць, што гэта слязінкі сірочы
Замяніліся ў зоркі ды свецяць так шчыра.

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі