I прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі, ці чарада
Зняваг мінулых нас не з'ела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
I мы па-даўняму нясмела
Жылі не ўлад і неўпапад?
Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
I дабравольна, без прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Не неслі ў петлі дум і рук?
I ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
З якіх бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..
А ўжо свой выдасць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
I разбярэ, ў чым справа тут.
У сведкі запісы пакліча,
Паданні клікне ў час такі
I ўсё паліча, пераліча...
А суд гісторыі цяжкі!..
I засумуецца патомак,
Калі дазнаецца аб нас,
Што нейкі з нас хоць быў не зломак,
А плечы гнуў у крук не раз;
Не йшоў з адкрытымі вачыма
У свет і сцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасці магчымай
Таптаў сляды, сябе таптаў.
Апошнiя водгукi
2 года 37 недель назад
2 года 49 недель назад
3 года 14 часов назад
3 года 14 часов назад
3 года 16 недель назад
3 года 23 недели назад
3 года 23 недели назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад