Сотні лет, непрыяцелем-братам прыбітая,
Зарастаючы зеллем чужым, як лазой сенажаць,
Ты ляжала, няпамяці пылам пакрытая,
А народ твой быў змушан маўчаць і табой пагарджаць.
I круцілі цябе, як каму падабалася,
Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад;
Ажно часам жальба, як кляцьба, разлягалася,
Ды нячутай ляцела, ўміраючы, ў грудзі назад.
Спаў народ, і ты спала, і ворагі верылі,
Што ніхто не разбудзіць цябе, што заснула навек.
I дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі,
Што памерла ўжо ты, — не адзін так казаў чалавек.
Час ішоў. К жыццю новаму клікі пачуліся;
Ўсе народы паўсталі на бітву за права сваё.
Ты — як спала — ўскрасла, твае дзеці прачнуліся,
Твой народ, ты сама ўсталі новае строіць жыццё.
I цяпер хоць прыблудаў даносы ў ход пушчаны,
Хоць пад права тваё падрываецца шмат хто, як крот, —
Як жыла і жывеш, будзеш жыць, Беларушчына:
Зразумеў і успомніў цябе твой мільённы народ.
Сціхнуць віхры, заціхне пара непагодная,
Сілы грозныя ўстануць, акрэпнуць к другому жыццю;
Панясуцца, як звон, песні вольныя, родныя,
Апяваючы долю, нядолю народа, тваю.
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад