Трэба нам, трэба перш-наперш хлеба,
Хлеба, каб стала на цэленькі год,
Дроўцаў палена, конікам сена,
Капейку якую сабе на зварот.
Трэба нам, трэба, як сонца з неба,
Лепшы, даўжэйшы зямелькі шнурок,
Сытай скацінкі, новай хацінкі,
Каб красаваўся пры хатцы садок.
На свята скварку, часам і чарку,
Булкі і сыра гасцей частаваць,
Цэлы адзетак, кніжак для дзетак,
Трэба нам школы па вёсках прыдбаць.
Роўнай дарогі, ботаў на ногі,
Мультану жонцы на лепшы каптан;
Жыць смела ў хатцы і не баяцца,
Каб не ганялі у воласць, у стан.
Доктара трэба, шпіталь нам трэба,
Дарма лячыліся б дзе бедакі;
З торбай жа ў старасць каб не цягацца,
Трэба устроіць прытулак такі.
Ой, многа, многа для вёскі ўбогай
Трэба ўчыніці, каб добра жыла, —
Не плакаць толькі, не раніць болькі,
Болькі, якую нядоля дала.
Працай ўсё зможам, новы быт зложым,
Гора затопчам сільнай нагой,
Зможам нядолю, зможам няволю,
Светач запалім шчасця свайго!
З’яснеюць ночы, высахнуць вочы,
Злітыя горкай бядноты слязьмі;
Голад загіне, бяда пакіне!
Долю мець будзем, — эй! будзем людзьмі!
Апошнiя водгукi
2 года 43 недели назад
3 года 4 недели назад
3 года 6 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 22 недели назад
3 года 29 недель назад
3 года 30 недель назад
3 года 44 недели назад
3 года 44 недели назад
3 года 44 недели назад