Дакастрычніцкі перыяд творчасці Янкі Купалы

Сярэдняя: 3.8 (10 галасоў)

Творчасць Янкі Купалы называюць летапісам жыцця, працы і барацьбы беларускага народа, квітнеючым садам, у якім сабраны самыя дарагія каштоўнасці мастацкага слова. Купала адкрыў вобраз беларускага селяніна як першаасновы народнага жыцця, маралі, духоўнай моцы народа. Першы народны паэт Беларусі, драматург, перакладчык, палымяны публіцыст, грамадскі дзеяч, Янка Купала пакінуў нам багатую спадчыну, якая ўвабрала ў сябе народныя паданні, песні, казкі, легенды, а таксама традыцыі дэмакратычнай літаратуры XIX ст.

Паэтычны дэбют паэта — верш «Мужык», надрукаваны ў 1905 г. у газеце «Северо-Западный край». Верш «стрэліў як пярун сярод яснага дня», абвяшчаючы моц і сілу народа, увасобленую ў вобразе мужыка. Купала паказвае беларуса, які працуе, «як той вол рабочы», лечыцца без доктара і «свята рэдка калі» знае, не ўмее ні чытаць, ні пісаць, зносіць лаянку і свавольства пана. Абяздолены мужык не толькі скардзіцца на прыгнёт і нядолю, але і пачынае пратэставаць супраць сваіх прыгнятальнікаў, уступае на шлях барацьбы за права быць чалавекам, за сваю чалавечую годнасць:

                         I кожны, хто мяне спытае,
                         Пачуе толькі адзін крык:
                         Што хоць мной кожны пагарджае,
                         Я буду жыць! — бо я мужык!

У 1908 г. у Пецярбургу выходзіць з друку першы паэтычны зборнік Я. Купалы «Жалейка», вершы якога ствараліся на самым грэбені рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гг. Гэту рэвалюцыю паэт называў «зоркай праўды святой» і верыў, што яна знішчыць няволю-бяду. У вершы «Там» (са зборніка «Жалейка» ён быў выключаны за яўна рэвалюцыйны змест) Я. Купала заклікае беларускі люд прачнуцца, прагнаць «аслепны сон» і ў адзінай і нязломнай грамадзе змагацца за сваё канчатковае вызваленне. «Хай у няволі ланцугі спадуць ад грому вашых сіл!» — усклікае ў канцы верша аўтар.

Аб гістарычным праве беларусаў на сваю незалежнасць, на свабоднае развіццё беларускай мовы вядзецца гаворка ў вершы «Ворагам Беларушчыны». Ён гучыць як водпаведзь тым, хто цураецца роднай мовы, хто бачыць беларусаў толькі цёмнымі, пакорлівымі і цярплівымі. Верай у нязломнасць духу беларускага народа і яго шчаслівы лёс напоўнены многія радкі верша. Выкрываючы ворагаў Беларусі, паэт сцвярджае: «Не пагасіць вам праўды яснай: жыў беларус і будзе жыць!»

Вершы зборніка «Жалейка» прасякнуты пафасам услаўлення беларускага мужыка-працаўніка, якога паэт з павагай называе панам сахі і касы. Купала паказвае цяжкае паднявольнае становішча селяніна, які не меў хлеба, хоць працаваў з ранку да вечара, паліваючы потам і сваю вузкую палоску, і бязмежныя панскія палі:


                         Бацькам голад мне быў,
                         Гадаваў і карміў,
                         Бяда маткай была,
                         Праца сілу дала.

Пагарджаныя, абяздоленыя, «сляпыя і глухія» беларусы ўзняліся на барацьбу (верш «А хто там ідзе?»). Ідуць яны грамадой, несучы сваю крыўду на паказ усяму свету. Рукі іх у крыві ад непасільнай працы, на нагах лапці. Імкнуцца яны да свабоды і шчаслівай долі, хочуць «людзьмі звацца». Словы «людзьмі звацца» сёння сталі сімвалам адраджэння нашага краю. Верш гэты М. Горкі назваў нацыянальным гімнам беларусаў, пераклаўшы яго на рускую мову. Сёння выдатны твор Я. Купалы перакладзены на 82 мовы свету.

Нягледзячы на сумныя, журботныя матывы першага купалаўскага зборніка, ёсць у ім і жыццесцвярджальныя вершы, скіраваныя ў светлыя далягляды будучыні. Надзеямі на лепшае жыццё прасякнуты верш «Чаго нам трэба»:

                         Працай ўсё зможам, новы быт зложым,
                         Гора затопчам сільнай нагой,
                         Зможам нядолю, зможам няволю,
                         Светач запалім шчасця свайго!

Другі зборнік Я. Купалы — «Гусляр» (Пецярбург, 1910 г.), у цэнтры якога вобраз гусляра з гуслямі-самаграямі. Паэт хоча ляцець «к зорам агністым, к прыволлю нябеснаму». Ён верыць у сілу народнай песні, якая павінна дапамагчы селяніну пераадолець духоўную адсталасць. У вобразе сонца (верш «Песня сонцу») аўтар бачыць вялікую сілу, здольную разбудзіць дух народа, узняць яго на змаганне супраць цёмных сіл.

У 1913 г. у Пецярбургу выдаецца трэці зборнік Я. Купалы — «Шляхам жыцця». Значнае месца ў ім займае вобраз беларускага мужыка і зямлі, на якой ён жыве. Але ж асноўная ўвага ў зборніку ўдзяляецца маладой Беларусі, якая змагаецца за права заняць ганаровае месца ў свеце.

«Ясны твар вясны» бачыцца Я. Купалу ў абліччы бацькаўшчыны (верш «Маладая Беларусь»). Радзіма — гэта ўвасабленне магутнага народа, загартаванага ў змаганні з прыгнётам. Паэт упэўнены, што ў час «буры, нягод і вялікіх надзей» Беларусь расцвіце, стане светлай казкай жыцця:

                         Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,
                               Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
                         Занімай, Беларусь маладая мая,
                               Свой пачэсны пасад між народамі!..

Глыбокае пачуццё любові паэта да сваёй радзімы выяўляецца ў алегарычным вершы «Выйдзі...». Беларусь тут увасабляецца ў вобразе жанчыны-маці, якая пакутуе ад уціску царскага самадзяржаўя. Апранутая ў лахманы з кастры, з палыну, яна жыве пад «дзікай зімняй апекай», мерзне ад сцюжы і сіверу. Прайшоўшы цяжкія выпрабаванні, жанчына-маці не страціла веры ў хуткае адраджэнне. Паэт заклікае яе «скінуць зімовы рабскі сон» і выйсці насустрач вясне — свабодзе, шчасцю, светлай будучыні:

                         Ясна, святочна ў красы ўбярыся,
                         Птушкай свабоднай сягні ў вышыну,
                         З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
                         Песняй распейся, славай акрыйся.
                         Выйдзі спаткаці вясну!

Радзіма для Я. Купалы — і рэчка «з плытнікамі Нёман», і «пушчы Белавежскай гоман», і праталіны «вольнага прадвесня»... Глыбокая прывязанасць да роднай зямлі, еднасць з ёй асабліва абвастраюцца, калі паэт знаходзіцца далёка ад родных мясцін.

                         Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, —
                         На чужое неба ўжо гляджу сягоння.
                               Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
                               Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.

                         I няма на свеце так вялікай меры,
                         I няма на свеце так каваных дзвераў,
                               Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
                               Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

Лірыка Я. Купалы прасякнута любоўю да сваёй зямлі, захапленнем яе прыгажосцю. У вершы «Лета» паэт стварае цудоўны малюнак беларускай прыроды:

                         Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
                         Колькі ты ўносіш аздобы з сабой!

Чаруюць сваім хараством, напаўняюць душу радасным пачуццём каласістыя шнуры збожжа, ранішні ўзыход сонца, пах травы над ракой. Любуючыся прыгожа-квяцістым летам, Я. Купала выказвае думку аб пакутах народа, яго цяжкай долі:

                         Эх! каб, здаецца, ды шчасце да гэтага!
                         Эх! каб, здаецца, менш гора і слёз!..

Лепшыя ўзоры пейзажнай лірыкі Я. Купалы — вершы «Явар і каліна», «Дзве талолі», «Жніво», «Адцвітанне». Паэт паказвае прыроду ў цеснай сувязі з народнай працай, якую ён паэтызуе ў вершы «Жняя». Гераіня верша — простая сялянская дзяўчына. З вянком на галаве яна велічна ідзе па полі, песняй услаўляючы жніво. Аўтар, захоплены працай дзяўчыны, параўноўвае яе з царыцай, з сонцам, з усім самым цудоўным і прыгожым:

                         А яна — царыца —
                         Весела, шчасліва
                         Карануе песняй
                         Залатое жніва.

Захапляючыся хараством прыроды, паэт ніколі не забываў пра народ. Шмат слёз, крыві і пакут прынеслі беларусам першая сусветная і грамадзянская войны.

херня, но напишу-ка её я

херня, но напишу-ка её я

коратка і добра, на мой

коратка і добра, на мой погляд.

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі