Касьба

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Бяжыць час дзень за днём, — скуль вазьміся Пятрок
Наляцеў і пагнаў к касьбе жыва людзей;
Пайшлі ў ход малаток, і каса, і брусок, —
Стукі-бразь, маху-шась, а дружней, а бардзей!

Свішчуць косы ў траве, проста дзіва, гульба;
Размахаліся рукі, ўзыгралася кроў,
Сонца паліць агнём, пот ліецца з ілба —
Абмахнуў рукавом ды і далей пайшоў.

I пракос у пракос вырастае, як стой, —
Пан з карэтай бы пэўна праехаў між іх.
Эх, аддаўся рабоце люд бедны з душой!
Калі есць — як бог даў, як рабіць — за траіх.

Махай дружна касой, пакуль згіне раса —
Куй жалеза, пакуль не астыне яно!
Рэж аселіцу, брат, калі зрэзаў гумно,
А там далей — на лог няхай мчыцца каса.

Люба выйсці, прайсці па лагу, па гумне:
Гоман нейкі стаіць, сенам пахне укруг;
Ляжыць трупам трава, як народ на вайне,
А ў траве конік шастае, радуе слух.

Вось падвяла крыху. Жыва, бабы, на лог!
Трэба скошанае разбіваць, аграбаць.
Сюды-туды!.. глядзі, ўжо пракосы ў валах;
Глядзь... і копамі ўбралі усю сенажаць.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Дружна йдзі, бедны люд, калі сонца к касьбе
Кліча з неба ды голадам мучышся ты;
Рэж траву, дабывай долю сілай сабе,
З часам выйдзеш і ты з беднаты, з цемнаты.

Дружна йдзі, бедны люд, і з зары да зары
Працуй, біся, не гніся пад лямкай цяжкой,
I за праўду сваю, дачакаўшы пары,
З касой вострай сваёй дружна, смела пастой!

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі