Крыжы *

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Чуць мы божы свет убачым
I да самай да магілы
Ўсё, як ёсць, крыжамі значым,
Ці то міла, ці не міла.

Як у хаце нарадзіўся,
«Бабка» крыжам прывітала;
Як у цэркве ахрысціўся,
Крыж «кума» падаравала.

Як пайшлі дні маладыя,
Зноў без крыжа ані трошкі:
Дзе ні ступіш, крыжавыя
I гасцінцы і дарожкі.

Крыж баліць табе, бяднязе,
Ад той цяжкай ад той працы,
Накрыж латы у сярмязе,
Накрыж дзюркі ў тваёй хатцы.

Пальцы накрыж ты складаеш
Ад напраснай ад напасці;
Крыжам злыдняў адганяеш,
Каб ад крыўдаў не прапасці.

Доляй мучаны паганай,
След слязой пачнеш крывавіць;
Крыжам ляжаш распластаны,
На сваім абы паставіць.

Крыжам ляжаш за парогам
У той цэркве, дзе хрысціўся,
Крыжам ляжаш перад богам,
Каб цябе ён не забыўся.

Так жыцця крыж мусіш несці,
Як дзяды твае насілі,
А як данясеш да смерці, —
Крыж паставяць на магіле.

* Ужыванне крыжоў — сімвалізацыя пакутнага становішча беларускіх працоўных мас пад царскім абцасам — цяжкая доля. (Заўвага Я. Купалы.)

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі