Вольны вецер напеў вольных песень табе, Бор зялёны узняў дружным гоманам. Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе, Зоры веру ўлілі сілам зломаным. I ў час буры, нягод і вялікіх надзей Зацвіла, расцвіла даўгажданая, I крыніцай жывой над айчызнай сваей Паплыла, пацякла неспыняная. Паплыла, пацякла з светлай казкай жыцця Полем, лесам, гарой і далінаю... З свойскіх кветак-пралесак — карона твая, Ўся сама — ясната лебядзіная. Зіхаціш і гуслярскаю песняй звініш, Узнімаеш мінуўшчыну даўную; Час сягонняшні ўперад ісці не пыніш I глядзіш смела ў будучнасць тайную. Смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет, Сееш ласкава сны залацістыя; Не пужае сумежны дакучны сусед, Не пужае пуціна цярністая. Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца Абнаўлення напевы расходзяцца, Абнімае душу без граніц, без канца Маці-радасць, што лепшы дзень родзіцца. Ўжо не так тапары у зялёным бары Хвойкі валяць зімой маразянаю, Ўжо не так касары ад зары да зары Летам звоняць касой адкляпанаю. Значан гарт у руках, чутна песня без слёз, Грудзі славы надзеяй калышуцца, Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос Наўсяды людзьмі новымі пішуцца. Расцвітай жа, ўзнімай на арліных крылах Душы, сэрцы і думы заспаныя, Вызывай, выклікай на вялікі прасцяг Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную. Высылай, рассылай на край свет пасланцоў, Як з гнязда сакалінага сокалаў, Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў, Хай грымяць весткай добраю ўвокала. Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так Сіратой начавала забытаю, Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк, Косці вецер тачыў непакрытыя. Падымайся з нізін, сакаліна сям'я, Над крыжамі бацькоў, над нягодамі; Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі!..
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад