Не дубок пры ніўцы ў гаі,
     Не ў лузе лілейка, —
Малады тут засядае
     З сваёй дабрадзейкай.
Хто уцеху ўсю іх пойме,
     Што ў душу ім льецца,
Хто спазнае, хто пяройме
     Думкі наважэнцаў?
Сышла радасць на абое,
     Бачыць сэрца сэрца,
Міла шчасце залатое
     Сцелецца каберцам.
З госцяў кожны віншаванне
     Гладкім слоўцам кіне,
Маё простае жаданне
     Так жа хай не згіне.
Жычу меці, як нікому,
     Жычу я ахвоча,
Маладой і маладому
     Ўсё, што толькі хочуць.
Згоду ў хатцы, спор у хатцы,
     Гонар між людзямі,
I ў які год дачакацца
     Забавы з кумамі.
У салодкім у каханні
     Вечна варкаваці
I не знаць, чым ёсць расстанне,
     Злых прыгод не знаці.
Няхай век вам не ўбывае
     У жыцці сонца, кветак...
Малады і маладая,
     Жывіце сто летак!
Я так жычу, так віншую
     I не лгу, здаецца, —
Хто мілуе, хто цалуе,
     Усяго спадзяецца.
	 
	
Апошнiя водгукi
3 года 41 неделя назад
4 года 1 неделя назад
4 года 4 недели назад
4 года 4 недели назад
4 года 20 недель назад
4 года 27 недель назад
4 года 28 недель назад
4 года 41 неделя назад
4 года 42 недели назад
4 года 42 недели назад