Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая;
Абымецца з небам, пакоціцца ў мора,
Ў вялікае мора людскога жыцця.
I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесне, -
Як лісцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць, аж выклікне песню...
Ўжо з песняй ляціць зноў да зор к вышыне.
Запеўшы пахвалай нязведанай далі,
К вядомай павернецца долі людской;
Адсвеціцца ў слёзах, як свечка ў крышталі,
Ды ў свет зноў за сонцам, за новай зарой!
На небе свабода, святло і прыволле, –
А думцы замала: няма там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонца і воля не свецяць тут ей...
I так без упынку, то к небу – дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая;
То скоціцца ў мора, ў вялікае мора
Людскога, забытага шчасцем жыцця.
водгук
Прачытау верш вядомага беларускага пісьменніка-спадабауся.
Вялікі дзякуй.
З павагай-Лявон.