У дзяўчынкі, у княгіні, Што падчас мне вочкам кіне, — Каласісты вянок жыта — Коска жычкаю павіта; Пара пасымкаў мятлічкі — Броўкі мілыя ў сястрычкі; Дзве пралескі — яе вочкі Ці два ў збожжы васілёчкі; Яе шчочкі — роўны ў сонцы Цвету-ружы ля аконца; Яе губкі — не калінкі,— Проста спелыя малінкі! Кветка-лілія з крыніцы — Шыйка гэтай чараўніцы; Два букеты з незабудкі — Маладыя яе грудкі; Як хмялёчак небадыльны — Стан прытульны, перахільны; Ручкі — хто зраўняўся з імі! Так і шчасце не абдыме; Сэрца... Ўсюды за ім пойдзеш... Пекла, неба — ўсё там знойдзеш... У дзяўчынкі, у княгіні, Што падчас мне вочкам кіне.
прыгожы верш
прыгожы верш