Мне мудрасці кніжнай не даў бог пазнаці,
Мой бацька не мог даць раскошаў такіх —
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
I дум беларускіх без школы і кніг.
Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.
Душу акрылялі прыгожасці свету,
Па гонях пад небам лунала яна,
Купалася ў сонцы вясёлкай распетай,
Сама, як вясёлка, як казка-вясна.
I п'яная чарамі, п'яная песняй,
Як сон заварожаны райскіх мясцін,
Шаптала мне дзівы цвітучых прадвесняў
I песняй лілася з паходам часін.
Бурлівая рэчка і млын гутарлівы
Адмерным, раскоцістым плюскатам вод
Складалі мне рытму мастацкія звівы,
Парадквалі складаў раскоцісты ход.
Цяністыя бітага шляху прысады
I ў вырай лятучыя гусяў шнуры
Гармонію ўводзілі ў песельным складу,
Сачылі нязгоднай зваротак ігры.
Зялёнае поле рунеючым збожжам,
Цвітучая ў сонечны цвет сенажаць
Мне песню квяцілі ўзорам прыгожым,
Вучылі, як словы ў вянок завіваць.
Ад шопату спелых пшанічных калоссяў,
Ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш
Музычнае водгулле ў песню лілося,
Злівалася з жальбамі скрыўджаных душ.
Шум бору адвечнага казкавым сказам
Нашэптываў смутную повесць жыцця
I песню ў шум-гоман захопліваў разам,
Заснуўшыя думы будзіў з небыцця.
А сонца, скрозь сеючы іскры па свеце,
Мне песню іскрыла нябесным святлом,
А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,
Даў волю і крылле лунаці арлом.
Каса, і сякера, і цэп малацьбітны
Магутную волатаў сілу далі;
Марозы і спёкі далі гарт нязбытны —
Мне песню, як звон, як пярун, адлілі.
Так іншай не знаўшы навукі і школы,
У пацёмках шукаў і знайшоў божы дар;
Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы,
Цяпер беларускай я песні ўладар.
Апошнiя водгукi
2 года 43 недели назад
3 года 4 недели назад
3 года 6 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 22 недели назад
3 года 29 недель назад
3 года 30 недель назад
3 года 44 недели назад
3 года 44 недели назад
3 года 44 недели назад