У век наш крытыкі сур'ёзнай
I самакрытык агнявых
Мы падыходзім вельмі грозна
Не да сябе, а да другіх.
Пылінку бачым у суседа,
Ды што? — ў яго іх не адна!
А ў сваім воку, даўнім следам,
Не заўважаем бервяна.
Без лішніх захадаў, ухмылак
У канкурэнта на вынос
Мы столькі вылічым памылак, —
Таму хоць рэжся, як з пагроз.
Самабічуемся ж часамі,
Але злягка — гады ў рады,
Ды ўсё больш хвалім сябе самі,
Другіх бічуем заўсяды.
Куды ім лезці да Парнаса? —
Дзе тыцнеш — хіба ці захіл...
Ах, падпякаем смачна, ласа
Таго, хто ням чамусь не міл!
Вось я — пясняр, я — літаратар,
Я толькі песняй твару цуд,
А ён... агіткі агітатар,
Насценгазетчык, і ўсё тут...
Пазбыцца рапаўскіх заскокаў
Мы не наўчыліся як след
I часта судзім аднабока
Другіх, саміх, падзеі, свет.
*
А крытыкі?.. Майстры з разборам, —
Не ўзнімуць воч вышэй халяў;
З гразёй змяшае, што йшчэ ўчора
Так падхалімна выхваляў.
Не азірнуўся — ўлез у нерат,
Тандэтны разваліўся мост,
Глядзіць, мычыць, — ні ўзад ні ўперад, —
Управа, ўлева круціць хвост.
Глядзіць. I што? За розум розум
Заскочыў туга, неўпапад.
Чаго ж не ўцяміць і цвярозым
Напіша — й сам смяецца, рад.
О, крытык, грызапёр мой бедны!
Чытач, яго ты пажалей:
Не месціць, брат, яго лоб медны
Ні прынцыпаў тых, ні ідэй.
Як баба на куццю, варожыць
Аб кім, аб чым, што, як сказаць,
Каб сам сябе не растрывожыць
I ўгнаць другога ў рай ці ў гаць.
*
Мы дукі, гранды, інжынеры
Складаных чалавечых душ.
Якой жа мерым душы мерай,
Чаму ў пісанні ціш ды глуш?
Зірнеш. Брыдзе сабе фігура:
Мо ён чарняў, мо белабрыс...
Згадай, што гэта за натура? —
У снах аб почасцях закіс.
Нічога ж слаўнага не даўшы
Сваёй краіне, грамадзе —
У гонар лезе, грозна страша
Курэй на цётчынай градзе.
*
Мы інжынеры... А не ўмеем
Рамантаваць сваіх жа душ, —
Дзе цвік загонім, дзе падклеім,
I во іграй, музыка, туш!
Іграй мне славу! Пішу вершы,
Раманы, драмы і сцэнар.
А ці падумаў лепшы-першы,
Як прыме гэта гаспадар?
Той гаспадар, што сее зёрны,
Што косіць, жне, дае нам хлеб,
Што сталь гартуе ў кузні горнах,
Што раскаваў цямніцы склеп.
О так, мае вы — для паказу —
Празаікі і песняры!
Народ пакліча да адказу,—
Ваду жбан носіць да пары.
На службу вам зямля і неба
Даны, — адно пішы з душы.
Якога ж чорта йшчэ вам трэба?
Якой чакаеце імшы?!
Не спяць шляхі, жыццё не дрэме,
Шасціць над рэчкай ясакор.
Нам сонца кажа, хто мы, дзе мы,
Іскрыцца ў зорах кругазор.
Дні йдуць вялікай гадавіны.
А мы йшчэ з места ані руш,
Мы — інжынеры у галінах
Складаных чалавечых душ.
Ідуць па свеце гулы, шумы, —
Заснуць няма каму калі, —
Ідуць і твораць песні-думы,
Красу і радасць на зямлі.
Цвітуць пад нашым небам вёсны,
Спявае збуджаны разлог.
Жыццё шаўковыя тчэ кросны
Шчаслівай долі й перамог.
Апошнiя водгукi
3 года 40 недель назад
4 года 2 дня назад
4 года 2 недели назад
4 года 2 недели назад
4 года 19 недель назад
4 года 25 недель назад
4 года 26 недель назад
4 года 40 недель назад
4 года 40 недель назад
4 года 40 недель назад