На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай, Ракой з вадаспадам заліўся пакат; Вуоксаю рэчка завецца у фінаў, Іматрай завуць вадаспад. Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі, На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць, Нем толечы каменны бераг, як з сталі, I зараснік хвойны маўчыць. Шалее Іматра між каменных глыбаў, За хваляю хвалю імчыць к нізіне; Як хмар недаступных махнатыя скібы, Адна адну схопіць, піргне. Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу, Там скруцяцца, ўзнімуцца клубам, дугой, Рассыплюцца пухам, рассеюцца пылам, Зноў выскачаць к небу гарой. Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы, Усім дантаўскім процьмам на здзіў, I люнуць на волю, забыўшыся шалаў, Плывуць паміж пустак і ніў. Другія іх зменяць і пеняцца ў зломе, Адвечністым шумам калышуць прастор; Свабодай сваёй і роднай Суомі* Сягнуць быццам хочуць да зор. Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды, I сэрца лялеецца ў сцішнай жальбе, Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай Ды як бы ўсё клічуць цябе: «Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на свеце, Спачын векавечны дамо ў забыцці; Нязведанай воляю будзем шумеці I гутарку з сонцам вясці. Хадзі ў нашы хвалі, спаўем твае грудзі Вадзіцай сцюдзёнай, кіпучай, як вар; Народ аб нас казку злажыць не забудзе, I песню нам зложыць пясняр». Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай, Ракой з вадаспадам заліўся пакат; Вуоксаю рэчка завецца у фінаў, Іматрай завуць вадаспад. * С у о м і — Фінляндыя, бацькаўшчьша фінаў. (Заўвага Я. Купалы.)
Апошнiя водгукi
2 года 45 недель назад
3 года 5 недель назад
3 года 7 недель назад
3 года 7 недель назад
3 года 24 недели назад
3 года 30 недель назад
3 года 31 неделя назад
3 года 45 недель назад
3 года 45 недель назад
3 года 45 недель назад