На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
       Іматрай завуць вадаспад.
Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі,
На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць,
Нем толечы каменны бераг, як з сталі,
       I зараснік хвойны маўчыць.
Шалее Іматра між каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатыя скібы,
       Адна адну схопіць, піргне.
Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу,
Там скруцяцца, ўзнімуцца клубам, дугой,
Рассыплюцца пухам, рассеюцца пылам,
       Зноў выскачаць к небу гарой.
Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Усім дантаўскім процьмам на здзіў,
I люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
       Плывуць паміж пустак і ніў.
Другія іх зменяць і пеняцца  ў зломе,
Адвечністым шумам калышуць прастор;
Свабодай сваёй і роднай Суомі*
       Сягнуць быццам хочуць да зор.
Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,
I сэрца лялеецца ў сцішнай жальбе,
Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай
       Ды як бы ўсё клічуць цябе:
«Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на свеце,
Спачын векавечны дамо ў забыцці;
Нязведанай воляю будзем шумеці
       I гутарку з сонцам вясці.
Хадзі ў нашы хвалі, спаўем твае грудзі
Вадзіцай сцюдзёнай, кіпучай, як вар;
Народ аб нас казку злажыць не забудзе,
       I песню нам зложыць пясняр».
Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
       Іматрай завуць вадаспад.
* С у о м і — Фінляндыя, бацькаўшчьша фінаў.
(Заўвага Я. Купалы.)
	 
	
Апошнiя водгукi
3 года 40 недель назад
4 года 1 неделя назад
4 года 3 недели назад
4 года 3 недели назад
4 года 19 недель назад
4 года 26 недель назад
4 года 27 недель назад
4 года 41 неделя назад
4 года 41 неделя назад
4 года 41 неделя назад