Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,
Не чаруй так сабой і наяве і ў сне!
Ты смяешся з мяне... Дык ідзі ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!
Погляд вочай тваіх душу змучыў маю, —
Праз яго я сябе не змагу аніяк:
То я рвуся к табе, то, як слуп той, стаю,
То жалею цябе, то кляну горка так.
Ты ж не любіш мяне, ты шукаеш другіх,
Туды пнешся, дзе звоняць дукаты, рублі...
А што я табе дам? я ж бядней ад усіх,
У бадзянні цяжкім жывучы на зямлі.
Бедзен я, дык чым я за цябе заплачу?
Знаю — мала табе душы, сэрца майго:
Ты за грошы сябе прадасі панічу, —
Будзеш блізкай яму, будзеш жонкай яго.
Будзеш паняй ты жыць: смачна есць, доўга спаць,
Шапкі будзе знімаць прад табою народ,
А я буду цярпець і свой дзень праклінаць,
Праклінаць і цябе, і твой гэты паглёд.
Дык ідзі, не глядзі! Я баюся цябе;
Не мая ты цяпер і не будзеш маей.
Дык ідзі, бо загубіш мяне і сябе,
Бо кіпіць мая кроў, сэрца рвецца з грудзей!
Апошнiя водгукi
4 дня 20 часов назад
1 неделя 21 час назад
1 неделя 21 час назад
3 недели 4 дня назад
6 недель 6 дней назад
12 недель 5 дней назад
14 недель 2 дня назад
15 недель 4 часа назад
17 недель 1 день назад
17 недель 1 день назад