Не паверу смерці

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Воблік твой у памяці не сцерці,
Не паверу я ніколі смерці,
Не скасіла смерць
I не забрала,
Ты жывы сягоння, наш Купала!

Мы ляцім у родную краіну
За тваім палётам сакаліным —
На зямлю сваю,
Да ніў і хатак,
Да сясцёр, да засмучоных матак...

Трэці год там з ворагам заўзята
Б'юцца маладыя арляняты,
Б'юцца днём
I б'юцца цёмнай ноччу —
Каршуну выдзёўбываюць вочы...

Цяжка ім часінай выпадала,
Крыллі мяла
Лютая навала,
Ды ніколі ў бойцы не кідала
Песня неўміручага Купалы.

Нападала роспач, а ці змора, —
Высыпалі ў небе словы-зоры,
Асвятлялі сцежкі ў цёмным лесе...
I спявала дзеўчына Алеся.

Не зязюля ў лесе кукавала, —
Гэта песня роднага Купалы
Хлопцаў біцца з ворагам склікала,
Выстаяць,
Не гнуцца ў завірусе
На радзіме нашай Беларусі.

Нам дадому блізка,
Недалёка.
Мы ідзём за постаццю высокай.
Песня-сонца вёрст не падлічала,
Мы з табою вернемся, Купала,
Да Дняпра, да Нёмна,
Да Бярозы;
Хай на тварах не абсохнуць слёзы,
Што душу паранілі ў дарозе.

У тваім расцвіўшым вольна садзе
Між паэм за стол усе пасядзем.
Вецер загайдае дрэвы, травы,
Голас твой пачуецца ласкавы...
Вытрам слёзы,
З воч абмыем слёзы,
Не паверым смерці,
Быць не можа —
Не скасіла смерць і не забрала:
Ты жывы сягоння, наш Купала!

Пятрусь Броўка

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі