Першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе — складаны для паэта перыяд. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г., нямецкая і польская акупацыі, утварэнне БНР, БССР, Літоўска-Беларускай ССР і іншыя падзеі не маглі не паўплываць на творчасць Я. Купалы. Прымаючы рэвалюцыю з народных, дэмакратычных пазіцый, паэт не поўнасцю разумеў яе сутнасць, асуджаў яе разбуральную і знішчальную сілу, не ўсё ўхваляў у паслярэвалюцыйнай савецкай яве, лічыў Беларусь ахвярай нашэсця чужынцаў. У час, калі пад пагрозай аказалася не толькі духоўнае, але і фізічнае існаванне нацыі, адраджэнская тэма ў творчасці Я. Купалы паступова затухае, адыходзіць на другі план. Бальшавіцкія парадкі не спрыялі творчаму настрою: на працягу 1916—1917 гг. да восені 1918 г. Я. Купала не напісаў ніводнага верша. Водгукам на падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны з'явіліся вершы, напісаныя толькі ў кастрычніку—снежні 1918 г. «Я зноў заснуўшую было жалейку бяру і пробую ў ёй галасоў», — напіша паэт у вершы «Для бацькаўшчыны».
Многія вершы гэтага перыяду («Паязджане», «На прызбе», «Сон», «Буслы») народжаны канкрэтнымі рэальнымі абставінамі і пранізаны матывамі тугі, трывогі, безвыходнасці, трагізму і нявер'я ў чалавека. З мільёнаў людзей, што апынуліся ў бежанстве, у «злыбядусе», «бездарожжы, беспрыстанні», стварыў Я. Купала ўмоўна-абагульнены вобраз «паязджан». У вершы «Паязджане» аўтар выказвае трывожную думку аб будучым Беларусі, якое ўяўляецца то густым сасоннікам у начной цемры, населеным рознымі пачварамі-зводамі, то завірухай: змораныя, стомленыя людзі кудысьці імкнуцца, хочуць чагосьці дасягнуць, а чаго — не разумеюць і не ведаюць:
Як у моры, ў белым снегу, Без днявання, без начлегу, Ў бездарожжа, ў беспрыстанне Едуць, едуць паязджане. Едуць, едуць, ані следу, Ні праслуху, ні прагледу, Ні прасветку, ні надзеі, — Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.
Паэт, імкнучыся вытлумачыць многія пытанні далейшага жыцця народа, улоўліваючы эпахальны для Беларусі момант (вызваленне ад нямецкай акупацыі, абвяшчэнне БНР), вялікую надзею ўскладаў на сход (вершы «На сход», «Час!»). Аўтар, праўда, не дае тлумачэння, што гэта за сход. Але ён упэўнены, што на ім народ сам вырашыць, як яму ў далейшым жыць, «як заводзіць» новы лад жыцця. I таму заключныя радкі верша «Час!» уяўляюць
сабой заклік:
Гэй, паўстань, народ! За сябе сам пастаяці I за Бацькаўшчыну-маці Йдзі, народ, на сход!
Ідэяй незалежнасці Беларусі прасякнуты вершы «Паўстань...», «Перад будучыняй», «Акоў паломаных жандар...», «Каб...». У іх не толькі выявілася імкненне паэта да дзяржаўнай незалежнасці, але і прагучала гнеўная водпаведзь «ворагам Беларушчыны», слугам «ацечаства, цара». Верш «Паўстань...» акрэслівае і канкрэтныя ўмовы незалежнасці — вылучэнне з народа ўласнабеларускіх «прарокаў», песняроў, воінаў і дзяржаўных дзеячаў («уладароў»), якія б змаглі аб'яднаць Беларусь у адну сям'ю і абараніць яе ад ворагаў:
Паўстань з народу нашага, Прарок, Праяваў бураломных варажбіт, I мудрым словам скінь з народу ўрок, Якім быў век праз ворагаў спавіт! Збяры ў адну ўсю Беларусь, сям'ю. Вазьмі з яе прысягу і зарок, Што не прадасць сябе, сваю зямлю... Зняць путы бацькаўшчыне ўстань, Прарок!
«Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народная. Праміне віхор, натухнуць пажары, замрэ свіст мяча, і настане светлы, радасны дзень змучанага і аграбленага нашага народа... Зямля, засеяная касцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, а сваю сяўбу ён сам будзе жаць», — скажа Я. Купала ў прамове, прысвечанай 15-годдзю творчай дзейнасці.
Першы паслярэвалюцыйны зборнік Я. Купалы «Спадчына» адкрываецца вершам з аднайменнай назвай. У ім аўтар выказвае вялікую любоў да роднай старонкі — спадчыны, што засталася нам ад продкаў. Паэт называе яе самым вялікім скарбам, які беларусы павінны зберагчы і захаваць для нашчадкаў. Прыгадваючы родныя мясціны, Я. Купала з хваляваннем успамінае «вясеннія праталіны, і лесу шэлест верасны, і ў полі дуб апалены», «стары амшалы тын», «крык вароніных грамад» на могілках. Усё помніцца яму да дробязей, бо ён і ў думках, і ў снах непарыўна звязаны з бацькоўскай зямлёй:
Жыве з іх дум маіх сям'я I сніць з ім сны нязводныя... Завецца ж спадчына мая Ўсяго Старонкай Роднаю.
Творчая дзейнасць Я. Купалы на пачатку аднаўленчага перыяду была няпростай. У першай палове 20-х гг. паэт акрылены: усталяваўся мір, Беларусь набыла сваю дзяржаўнасць, у літаратуру ўлілося новае пакаленне, беларуская мова стала мовай справаводства, дзяржаўных і грамадскіх устаноў, пашырыліся межы рэспублікі... З'яўляюцца вершы аптымістычнага плана: «Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі» (аб вяртанні беларускіх сыноў да сваёй маці-Айчыны), «Арлянятам» (аб з'яўленні новай літаратурнай змены), «На смерць Сцяпана Булата», «Цішку Гартнаму», «Наш летапісец» (у іх услаўляюцца дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, вучоныя, журналісты). Радасцю, упэўненасцю ў светлым заўтрашнім дні Беларусі напоўнены многія радкі паэмы «Безназоўнае»:
Беларусь на куце Ў хаце сваёй села, — Чарка мёду ў руцэ, Пазірае смела...
У канцы ж 20-х гг. у творчасці Я. Купалы зноў з'яўляюцца ноткі песімізму і трывогі. Безумоўна, яны былі выкліканы абставінамі таго складанага часу (уступала ў сілу таталітарная сістэма). Падазронасць, недавер, цэнзурныя рэпрэсіі, допыты ў ДПУ давялі паэта да спробы пакончыць жыццё самагубствам.
Аднак гэта не здзейснілася. I народны паэт Беларусі піша пакаянны «Адкрыты ліст», якім паміж паэтам і ўладай як бы ўстанаўліваўся неафіцыйны кампраміс.
Асноўным у творчасці Я. Купалы гэтага перыяду становіцца ўхваленне савецкай рэчаіснасці. У яго паэзію шырока ўваходзіць тэма сацыялістычных пераўтварэнняў, дружбы паміж народамі, калектыўнай працы, новай маралі і этыкі. Прыкладам можа служыць «ляўкоўскі» цыкл вершаў Я. Купалы. З аднаго боку, вершы гэтага цыкла маюць рэальную жыццёвую аснову, бо многія прыватныя факты паэт імкнуўся засведчыць паэтычным, узнёслым словам, хацеў праславіць ляўкоўцаў, людзей калгаснай вёскі. Але не ўсе вершы дасканалыя ў мастацкіх адносінах. У іх амаль адсутнічае тая філасофская заглыбленасць, якая была ўласціва творам дарэвалюцыйнай паэзіі Я. Купалы. Наватарскім для 30-х гг. лічыўся верш «Лён», у якім паэт праслаўляе перадавую калгасніцу, закаханую ў брыгадзіра. Сёння, праўда, з усмешкай успрымаецца прызнанне льнаводкі ў каханні. Наватарскімі лічыліся вершы «Алеся», «Хлопчык і лётчык», у якіх раскрываліся імкненні моладзі да авалодання складанымі прафесіямі. У вершы «Сыны» ўслаўляліся шэсць сыноў старога бальшавіка, якія выбралі прафесіі хлебароба, рабочага-ліцейшчыка, будаўніка домнаў і мартэнаў, бясстрашнага марака, смелага лётчыка, чырвонага байца-пагранічніка і паэта. Шчаслівае калгаснае жыццё праслаўляецца ў вершах «Вечарынка» і «Госці».
У гады Вялікай Айчыннай вайны Я. Купала жыў і працаваў недалёка ад Казані. Паэзія таго часу вызначаецца моцным антыфашысцкім пафасам, заклікам да змагання. Асаблівай папулярнасцю ў народзе карыстаўся яго верш «Беларускім партызанам». У ім аўтар пасылаў праклён Гітлеру-вампіру, фашысцкім псам, заклікаў партызан і ўвесь народ да барацьбы з лютым ворагам:
Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! За няволю, за кайданы Рэжце гітлерцаў паганых, Каб не ўскрэслі век яны.
Верш прасякнуты палымяным патрыятызмам, непахіснай верай у перамогу народа-змагара.
У вершы «Зноў будзем шчасце мець і волю» Я. Купала не толькі выказваў веру ў хуткую перамогу, але і прадбачыў той час, калі адновяцца зруйнаваныя гарады і сёлы, змоўкне кананада, мірна ўздыхнуць людзі:
Загоім раны, адбудуем Свае сялібы зруйнаваны, Сваю краіну маладую Святлом асвецім нечуваным.
Але паэт не дачакаўся радасных дзён перамогі: пры загадкавых абставінах у маскоўскай гасцініцы сэрца яго перастала біцца 28 чэрвеня 1942 г. «Першая з вяршынь беларускага Эльбруса паэзіі», найвышэйшая гордасць і слава беларускага народа, паэт з сусветным імем, Янка Купала не дажыў да свайго шасцідзесяцігоддзя дзевяць дзён.
Я. Купалу называюць паэтам трагічнага лёсу. Поўнасцю адданы беларускаму народу, ён разам з ім выпіў да дна наканаваную лёсам чашу выпрабаванняў і пакут. Яго не палохаў бурны і крывавы паслярэвалюцыйны час. Боль, трывога і клопат аб Беларусі адчуваюцца ва ўсіх творах вернага сына Бацькаўшчыны. Сваёй мужнасцю і сваёй творчасцю Я. Купала паказаў свету, што была, ёсць і будзе жыць Беларусь, што яна смела глядзіць у будучыню.
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад