Стаім мы перад будучыняй нашай
I ўсё варожым, сочым ейны ход...
Ці ўскрэснем мы, душою ўпаўшы, звяўшы,
Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род...
Сягоння мы жывём і ўдзень мы блудзім
Пад маскай, асляпляючаю нас,
I што сказаць самім сабе і людзям,
Не ведаем, не можам, хоць і час.
Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам з усіх бакоў,
Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.
Пакрыўленыя колісь нашы душы
Дагэтуль выпрастаць не ў моцы йшчэ;
Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,
А хтось, а штось і мучыць і пячэ.
Цябе чакаем, будучыні нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
I гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.
А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
I кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
Нявольніцтва й жабрацтва так нас з'ела
I так нам высмактала з сэрца сок,
Што нат у вочы глянуць, плюнуць смела
Не смеем, стоптаныя на пясок.
Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасць!
А там — «Паўстань пракляццем...» Ну, а мы?
Мы ў страху... дум крутня... разбежнасць...
Без толку крыллем лопаем, як цьмы.
О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
I слухаем і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, —
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?
Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпынку выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.
З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,
Брыдзём, паўзём у свет — скрозь неўпапад.
I прысягаем, клічам Бога ў сведкі,
Што мы — не мы, што нехта вінават...
I так жывём, сябе саміх не знаўшы,
Учора, сёння лазім між канаў...
Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай
Навек залом пракляты заламаў?
Няўжо нас не аб'ясніць розум ясны,
I не пакінем біцца з кута ў кут?
Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —
Кліч бураломны: вызваленне з пут?!
Перад будучыняй
Божа! Нібы пра нас цяперашніх! Вось таму ён і геній, што на стагоддзе наперад прадбачыў.