Песня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цвітучага вечна паўдня...
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыццё пасярод палыння.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Снежныя буры тулілі зімой.
Песня мая не ўспінае атласаў,
Выдумкай хітрай у свет не ляціць, –
Знацца ёй досць з беларускаю красай –
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзіць забранага краю,
Служыць і верыць у лепшы усход...
Бо, калі гасне паходня старая, –
Новую заўтра распаліць народ.
Песні маёй не патрэбны святліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лакейскай не знае яна:
Воля жывая ёй вечнай зарукай,
Волі нязмеранай – служба адна.
Песня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, –
Вецер свабодны з далёкага свету
Стрэне, праводзіць адпевам сваім.
З небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводдзі,
Ў зорках шукае жыцця варажбы.
Песня мая не зачэпе сягоння
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб...
Час, як крыніца, ідзе, не марудзе...
Кіне стары дзень жыццём кіраваць,
Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі
Будуць пачатую думку снаваць.
Песня мая не шукае чырвонцаў –
Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям, –
Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неаб’ятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, святле.
Апошнiя водгукi
2 года 37 недель назад
2 года 49 недель назад
3 года 15 часов назад
3 года 15 часов назад
3 года 16 недель назад
3 года 23 недели назад
3 года 23 недели назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад