Там кроў ліецца, там за волю
Барцы на вісельні ідуць,
А вы, вы мучаны найболей,
Спіцё, хоць вас даўно там ждуць.
Скажыце мне, а за каго яны
Пайшлі на смерць, пайшлі вайной?
Хто ёсць на свеце так дастойны,
Што трэ ахвяры аж такой?
Га, з вас ніхто таго й не знае,
Што йдуць за тых на бітваў жар,
Хто труд свой потам аблівае,
Над кім стаіць з нагайкай цар.
Што йдуць за тых на катні здзек,
Хто сваёй працай горкай, цяжкай
Свет корміць, — сам галодны век,
Адзеты лапцямі, сярмяжкай.
Што йдуць, каб бедным і галодным
Дзянькі сыцейшы зацвілі,
Зрабіць нявольніка свабодным,
Даць бяззямельнаму зямлі.
Дык вось, на смерць ісці іх змусіў
Найнешчасліўшы чалавек.
А вы, адродкі Белай Русі,
Спіцё, як быццам кат засек!
До спаць! Паўстаньце грамадою
I йдзіце ім там памагаць,
Паўстаньце крэпасцю такою,
Каб вораг вас не мог зламаць.
Паўстаньце, покуль цар звыродны
Крыві ўсяёй не выссаў з вас!
Паўстаньце! Край ваш стогне родны,
Заве збаўляць, як зваў не раз.
Паўстаньце, гляньце, божа мілы,
Свабода, сонца вас заве!
Крыху адвагі й дружнай сілы,
А шчасце вечна зацвіце.
Зганіце сон, аслепны сон,
Збудзіце дух прыбіты свой,
I ўдарце ў згоды гучны звон,
I сабярыцесь грамадой!
I йдзіце, йдзіце вы туды,
Дзе ўжо даўно кроў льюць за вас,
Нясіце веліч слёз, бяды,
Нясіце крыўды напаказ!
Хай кроў пальецца дзень, другі
Варожым трупам на падсціл,
Хай у няволі ланцугі
Спадуць ад грому вашых сіл!
Апошнiя водгукi
2 года 37 недель назад
2 года 49 недель назад
3 года 13 часов назад
3 года 13 часов назад
3 года 16 недель назад
3 года 23 недели назад
3 года 23 недели назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад