Значнае месца ў творчасці Я. Купалы займае тэма паэта і паэзіі. Паэт, на думку Я. Купалы, павінен быць выразнікам дум і спадзяванняў народа, змагаром за яго лепшае будучае. У адным з ранніх вершаў «Я не для вас...» сцвярджаецца думка, што сапраўдны паэт павінен служыць людзям працы, што яго песня, талент і сэрца павінны належаць «бедным і загнаным»:
Я не для вас, паны, о не, А я для бедных і загнаных, Я з імі мучуся ўраўне, Ў адных закут з імі кайданах...
Погляды Я. Купалы на прызначэнне паэта і паэзіі выяўляюцца ў вершах «З кутка жаданняў», «З маіх песень», «Не кляніце мяне» і інш. Сваё пяснярскае прызнанне паэт бачыць у служэнні бацькаўшчыне, у праўдзівым паказе народнага жыцця. Грамадзянскі абавязак паэта — шукаць тыя шляхі-дарогі, якія б прывялі народ «к яснаму сонцу», «к славе». У вершы «З кутка жаданняў» Я. Купала гаворыць, што ён не жадае гучнай славы. Галоўнае для яго быць праўдзівым выразнікам дум мільёнаў працоўных людзей:
З цэлым народам гутарку весці, Сэрца мільёнаў падслухаць біцця — Гэткай шукаю цэлы век чэсці, Гэта адно мне падпорай жыцця. Песню стварыці ясну, як неба, У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём...
Працягам размовы пра месца паэта ў жыцці, пра сутнасць сапраўднай паэзіі з'явіліся вершы «Мая навука», «Трэба нам песень», «За ўсё». У вершы «Мая навука» (1919) Я. Купала сцвярджае, што жыццё народа ва ўсіх яго праявах было калыханкай, якая нарадзіла ў паэта самыя светлыя думкі. Песня паэта ўвабрала ў сябе шум адвечнага бору, шэпт спелых пшанічных каласоў, шэлест лісця ўзмежных ігруш і таропкі плюскат вод... Прызнаным майстрам мастацкага слова, на думку Я. Купалы, можа стаць толькі той творца, які ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Сваю ўдзячнасць народу за любоў да паэзіі, «за кут у родным краю, за хлеб-соль без клапот» выказвае пясняр у вершы «За ўсё» (1926). Да гэтага часу яму было прысвоена званне народнага паэта, і Я. Купала, аглядаючыся на пройдзены шлях, піша, што свае песні складаў ён і «сярод крыжоў, магіл», пісаў не раз «крывёй з сваіх грудзей», заўсёды быў разам з народам, жыў яго думамі і надзеямі. Былі яго песні невясёлыя, калі бачыў, як зневажаецца мова беларусаў, топчацца іх годнасць. Былі і радасныя песні, калі бачыў паэт, што яго заклікі да лепшай долі, яго праўдзівыя словы былі пачуты людзьмі:
Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла.
Апошнiя водгукi
2 года 48 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 11 недель назад
3 года 11 недель назад
3 года 27 недель назад
3 года 34 недели назад
3 года 35 недель назад
3 года 49 недель назад
3 года 49 недель назад
3 года 49 недель назад