Сеў ваяк на каня,
Ў рукі ўзяў востры меч
I пусціўся дадня
Пашукаць, каго сеч.
Немалы ехаў час, —
Не сустрэўся нідзе,
Аж напроці якраз
Вораг войска вядзе.
У яго старану
Гмін вядзе на грабеж;
Перайшлі баразну –
Пагранічны рубеж.
Схамянуўся ваяк,
Кроў зайграла ў грудзёх:
Сціснуў меч у руках,
Конь памчаў з усіх ног.
Наляцеў, як пярун,
На разбойніцкі зброд;
Запусціў меч-кладун, —
Сцеражыся, народ.
Б'е агонь з дзецюка,
Косіць голавы з плеч,
Не здрыгнецца рука,
Не тупеецца меч.
Тысячу ўжо лягло,
Ўжо другую сячэ,
А праціўнік на зло
Войска больш валачэ.
Гэй, трымайся, дружок!
Не дрыгні ў барацьбе:
Жджэ пахвалы вянок,
Жджэ дзяўчына цябе!
На бяду захацеў
Дзеўку ўспомніць ваяк, —
Меч з рукі паляцеў,
Сам зваліўся наўзнак.
Рухнуў побач і конь —
Разам жыў, разам лёг;
Неба ясная тонь
Свой паслала палог.
Спіць ваяк з доляй сам,
Над ім птушка пяе,
А дзяўчыне няўцям,
Што памёр праз яе.
Апошнiя водгукi
2 года 41 неделя назад
3 года 1 неделя назад
3 года 4 недели назад
3 года 4 недели назад
3 года 20 недель назад
3 года 27 недель назад
3 года 27 недель назад
3 года 41 неделя назад
3 года 42 недели назад
3 года 42 недели назад