Вечарынка у калгасе,
У «Чырвоным аратаю», —
Прыйшлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,
Прыйшлі Зосі, Стасі, Касі,
I гармонік грае, грае.
Прыйшлі з поля, з гаспадаркі,
Клуб запоўніўшы да краю,
Брыгадзіры і даяркі,
Брыгадзіркі і свінаркі,
А гармонік грае, грае.
Ходам ходзяць гаспадыні —
Маладая і старая, —
Зіна шэпча штось Мальвіне,
А Мальвіна шэпча Зіне,
А гармонік грае, грае.
Захапіўшы ў першай пары
Янка Маньку, Юрка Раю,
Даюць дыхту, даюць жару,
«Сербіянку», «Польку» шпараць,
А гармонік грае, грае.
За сталом ідзе бяседа
Аб жыцці, аб ураджаі,
П'е суседка да суседа,
Хто не снедаў, тут даснедаў,
А гармонік грае, грае.
Ночка сходзіць, сонца ўсходзіць,
I дамоў было б пара ім,
А скакаць яшчэ не годзе,
Яшчэ танец на расходзе,
А гармонік грае, грае.
Во й начлежнікі з начлегу,
Як бы хто ім там нараіў,
Закаціліся з разбегу
I пайшлі у скок шарэнгай,
А гармонік грае, грае.
Весяліся, ганарыся,
Мой «Чырвоны аратаю»!
Скварка плавае у місе,
У шаўку скача Марыся,
I гармонік грае, грае.
Апошнiя водгукi
3 года 40 недель назад
4 года 1 неделя назад
4 года 3 недели назад
4 года 3 недели назад
4 года 20 недель назад
4 года 26 недель назад
4 года 27 недель назад
4 года 41 неделя назад
4 года 41 неделя назад
4 года 41 неделя назад