Дык вось жа як прыйшла яна — жаданая вясна —
У кароне з зелені і кветак, з пошаптам бяроз!
Ядыная з паміж былых сясцёр сваіх яна:
Не развясельвае душы і не ўцірае слёз.
Не росы зіхацяцца брыльянцістыя на ёй,
Не росамі палеткі збожны свенціць на зямлі,
А йрдзіцца ўся гарачаю чырвонаю крывёй,
Крывёй палошча ўсходы, што ўзышлі і... не ўзышлі!
Не з сонцам выйшла блаславіць аратага арбу,
Не сонцам туліцца да скрыўджаных сяліб і хат,
А грознымі пажарамі распачала сяўбу,
Пажарамі-зніштожаннем святкуе свята свят!
Не выйшаў сейбіт на загон, як ён калісь ішоў,
Каб з верай і надзеяй кінуць зерне на прыплод, —
А сее... от, абы!.. бо сеяць звык ён з прадвякоў,
Хоць і не знае, хто пажне, хто з'есць яго ўмалот.
I хаты майскім дзераўцом не ўмаіў селянін,
Як прадзеды умайвалі, як вучыць абычай...
Спытай: Чаму аб спадчыне бацькоў забыў так сын?
Адкажа: Ведама — жалобу носіць наскі край!
Перапалохана кабеціна з дзяцьмі на шлях
Ідзе штодзень пад крыж і пазірае ўдаль;
Прагледзела ўжо вочы — ўсё ж надзея тліць ў грудзях,
Праслухала і вушы ўжо, а слухае на жаль...
Дзяўчына, распусціўшы косы, вылецела ў бор
I, прытуліўшысь к дрэву, песню жудкую пяе, —
Ні то падладжываючыся пад хаўтурны хор,
Ні то спраўляючы ў бары заручыны свае.
А бусел, што на пірамідах зімку зімаваў,
А лета летаваць у любы край свой прыляцеў, —
Здзівіўся, пасмутнеў... сваёй мясціны не спазнаў
I не знайшоў гнязда свайго, што летась яшчэ меў.
Адно балюе баль звяр'ё з сну збуджана ў лясах,
Пажывы на пабоішчах скрозь маючы ўдаволь,
Ды груганы, што костачкі збіраюць па палях,
Не пашкадуюць, што жылі ў такі ўсясветны боль.
Ды вось жа як прыйшла вясна жаданая на свет,
Калоцячы, як ліпай, змучанай зямлёй да дна.
Крывёй, пажарам, пошасцяй — людзям яе прывет,
А надпіс на яе агнёвым знамені: В а й н а!
Апошнiя водгукi
2 года 46 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 9 недель назад
3 года 25 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 33 недели назад
3 года 46 недель назад
3 года 47 недель назад
3 года 47 недель назад