Я не для вас...

Сярэдняя: 4.6 (10 галасоў)
Я не для вас, паны, о не,
Ў час вольны песенькi складаю, —
Што спала ў сэрцы там на дне —
Буджу i ў свет на суд пускаю.
     Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Падчас збываюся спакою,
Калi ў вачах сляза блiсне,
Маркотнай вызвана душою, —
      Я не для вас, паны, о не!
 
 
Я не для вас, паны, о не,
Свае днi лепшыя марную, —
У вечнай з мукамi вайне
Жыву i радасцi не чую —
      Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Падняць скiбiну слова рвуся
На запусцелым дзiрване
Сваёй старонкi Беларусi,
      Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Над доляй плачу свайго люду,
З гразёй змяшалi б вы мяне
Сваёй нiкчэмнасцю прыблудаў...
      Я не для вас, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не,
Пяю. Вам не паняць мучэння;
Вам ваша сэрца не дрыгне
На голас братняга цярпення,
      О, не дрыгне, паны, о не!
 
Я не для вас, паны, о не!..
Адною ўцехаю жыццё вам,
Знячулi ў сытасцi, вiне,
Вас не разжалiш праўды словам,
      О, не разбудзiш вас, о не!
 
Я не для вас, паны, о не!..
А я для бедных i загнаных,
Я з iмi мучуся ўраўне,
Ў адных закут з iмi кайданах...
      Я не для вас, паны, о не!..
 
Я не для вас, паны, о не!..
Я — для тых цёмных, нешчаслiвых.
Ад iх i водгаласак мне
Прымчыцца па лясах, па нiвах.
      А не для вас, паны, о не!

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі