Ружы хваляў, паэзіі водар...
Ноч купальская сьвет ахінала,
І гучала мінуўшчыны ода –
Крочыў берагам Янка Купала.
Перашэптваў чарот яго крокі,
Здані вогнішчаў смутна ўздыхалі.
А паэта натхнялі аблокі,
Што паданьне пра Нарач шапталі.
Задуменная поўня-каханка
Рыбакам торны шлях асьвятляла.
У прыроды свая калыханка –
Захапляўся Нароччам Купала.
Прытуліліся сонныя сосны
Да загадкавай бездані млявай.
Ткалі вершы нябёсныя кросны,
І паэзія сталася явай.
Песьню даўнюю голасам горкім
Беражніца на высьпе сьпявала.
Над пачуцьцямі ўспыхвалі зоркі,
І шчасьлівы быў Янка Купала.
Рагнед Малахоўскі
Цудоўны верш. Купала ўпадабаў
Цудоўны верш. Купала ўпадабаў бы.
Не ведаю, ці быў Янка Купала
Не ведаю, ці быў Янка Купала на Нарачы, але гэты верш пераканае любога, што быў. Напісаны на ўзроўні класікі.