І хвалы ў жыцці нам перапала,
I схілялі часам галаву...
На вясёлай вуліцы Купалы
У высокім доме я жыву.
Клён сваёй вяршалінай зялёнай
Да акна майго не дастае.
Кнігі зіхацяць з паліц зашклёных,
Мэбля хваліць якасці свае.
Век жыві спакойна ды разумна.
Не, не так. На сэрцы — неспакой:
Пішам пра сучаснікаў мы сумна —
Траскатня ці жвачка са слязой.
Гэта лёгка вершыкі з рыданнем
Напісаць пра смерць і лес глухі
Ці забрацца ў казкі і паданні —
Тут беспамылковыя шляхі.
Наш герой цяпер не ў цёмным лесе,
Трэба новы вобраз і настрой.
Б'ешся, б'ешся, а ў радок не лезе
Нават самы просценькі герой.
Ён-то просты, ды складаней тэма —
У якую мы забеглі даль!
Беларускі хлопец ля мартэна
Чарадзеем ходзіць, варыць сталь.
А далей глядзі — дзяўчаткі тыя
Дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі,
А ужо іх рукі залатыя
Больш паловы Мінска узвялі.
Пэўна, рана мы сябе запёрлі
Паміж кніг; і з вёсак, дзе раслі,
Рана збеглі; рана атраслі
З ботаў пыл... I вязне песня ў горле.
Я жыву на вуліцы Купалы,
I яго таполя мне відна.
Ён пісаў з нягаснучым запалам
Да апошняй іскаркі, да дна.
Вечна ў руху.
Жартаваў заўсёды:
«Пад ляжачы камень не бяжыць...»
Ён з народа выйшаў, жыў з народам
I ў народзе вечна будзе жыць.
А у нас пра наступ ды пра росквіт
Вершы льюцца шэраю ракой...
Адшукаю сцежку да бярозкі,
Выцякае Прыпяць з-пад якой.
Зноў пачну адгэтуль...
Крокам сталым
Хай ідуць цяпер за днямі дні.
I са мною будзе сам Купала —
Мудры і суровы праваднік.
Пімен Панчанка
Апошнiя водгукi
2 года 43 недели назад
3 года 4 недели назад
3 года 6 недель назад
3 года 6 недель назад
3 года 22 недели назад
3 года 29 недель назад
3 года 30 недель назад
3 года 44 недели назад
3 года 44 недели назад
3 года 44 недели назад